ТРЫГАНАМЕТРЫ́ЧНАЕ НІВЕЛІ́РАВАННЕ,

геадэзічнае нівеліраванне, метад вызначэння рознасці вышынь (перавышэнняў) пунктаў на зямной паверхні. Пры Т.н. вымяраюць вуглы нахілу ν і даўжыні нахіленай лініі візіравання S або яе праекцыі s на гарызантальную плоскасць.

Перавышэнне h вылічваюць паводле формулы: h = s ∙ tg ν + ( 1 − k ) s2 / 2 R , дзе k — каэфіцыент рэфракцыі, R — радыус Зямлі як шара. На кароткія адлегласці выкарыстоўваецца формула: h = s ∙ tg ν + i − V , дзе i — вышыня прылады, V — вышыня візіравання. Для вымярэння вуглоў выкарыстоўваюць геад. прылады: кіпрэгель, тахеометр, тэадаліт; адлегласцей — рулеткі, аптычныя дальнамеры і інш. Т.н. выкарыстоўваецца пры топагеадэзічных работах на мясцовасці і маркшэйдэрскіх здымках у горных выпрацоўках, нахілы якіх большыя за 8°.

Р.​А.​Жмойдзяк.

Трыганаметрычнае нівеліраванне: i — вышыня прылады; V — вышыня візіравання; n — рознасць вышынь (перавышэнне) паміж пунктамі A і B; S — лінія візіравання; s — гарызантальная праекцыя лініі візіравання; ν — вугал нахілу візірнага праменя.

т. 15, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)